Промень сонца, што вырваўся з палону ружовай смугi, зрабiў сьнег невыносна блiскучым. Глядзець пад ногi не было як, таму ён прымружыўся, прыкрыў твар рукавiцай. Уваччу паплылi шэрыя плямы, а разам зь iмi паплыў, гнаны гарачымi сьлязьмi, размыты вiдарыс трактара. Трактар стаяў на ўзьлеску i там, вiдаць, таксама былi забiтыя, бо конь увесь час круцiў галавой i наструнена пырхаў. Ён выпусьцiў з рук аброць, скiнуў з плечука вiнтоўку i, уторкнуўшы яе ў гостры грэбень сумёту, папраставаў па цалiку, правальваючыся ў сьнег па самыя сьцёгны. Па полi зьмяiлася дуйка. Дуйка ляцела некуды, вочы чаплялiся за канцы вiхурыстых пасмаў, i ён зьбiваўся зь кiрунку, забiраючы ў той бок, куды дзьмуў вецер. Калi да трактара заставалася ня болей дваццацi мэтраў, сьнег стаў такiм глыбокiм, што давялося паўзьцi плазам, i гэта адбiрала апошнiя сiлы. Зьнясiлены, ён тыцнуўся тварам у сумёт, колькi часу ляжаў нерухома, а ўзьняўшы голаў, правёў рукавом па пераносьсi. Гусенiчны "сталiнец" - дакладна такую гаргару прыгналi напярэдаднi вайны i ў iх полк, - стаяў, упёршыся носам у вячыстую хвою, на мядзяным стаўбуры якой былi бачныя белыя мецiны ад куляў. "Зязюлi"... Забiлi, вiдаць, трактарыста... Ехаў самапасам, пакуль на дрэва ня ўзьбiўся", - з гэтымi думкамi ён яшчэ раз агледзеў узьлесьсе i, стаўшы вокрач, папоўз да трактара. Поўз доўга, да поўнай змогi, нават не падымаючы вачэй i спынiўся толькi тады, як стукнуўся галавой аб заiнелую трактарную гусенiцу. На нашем сайте вы можете скачать книгу "Зiмовыя сны" Мудров Винцесь бесплатно и без регистрации в формате fb2, epub, читать книгу онлайн или купить книгу в интернет-магазине.