Грудкі цэглы ды парасцягненае бярвенне, рэдкія голыя каміны ды леташняе сцябло траў... А цяпер над пагоркам лёталі руплівыя пчолы, напаўняючы паветра працавітым гудам, а сэрца старой — надзеяй. Вясна была халодная, дзьмулі з захаду рэзкія вятры, наганяючы парваныя хмары, з якіх сек то халодны дождж, то дробны, быццам град, снег. Пчолам было надта цяжка змагацца з такой чортавай пагодай, многія з іх гінулі — і ад холаду, і ад нястачы харчоў. У голым полі, можа, дзе зацвіталі першыя пралескі ды на ўзлессі, можа, гарэлі рэдкія сінія ды жоўтыя сны, але пчолам, відаць, не ўсім шчаслівілася да іх дасягнуць. Многія з пчол, слабыя, гінулі. Ёсць нешта вельмі сумнае і жаласлівае ў выглядзе паміраючай пчалы. Ні руплівасці, ні працавітага гудзення, ні ваяўнічай імклівасці. Ціхае кволае зумканне, імкненне знайсці ямінку, шчылінку, каб забіцца ў яе, схавацца ад сонца, ад галасоў сваіх крылатых сяброў, ад прынаднага паху кветак, да якіх ужо не даляцець. Ганна брала пчолак на далоні і яны слаба тыкаліся ў глыбокія боразны зморшчын, нарэшце падалі на зямлю. У гэткую хвіліну прыгадваліся старой сыны. Яна так стаяла з працягнутай далонню і позірк яе прасветленых на момант вачэй блукаў недзе далёка, на людзях, сярод сыноў. Яна, можа, што і думала, але не, мусіць, не думкі паглыналі яе ўвагу, а быццам прывід жывых сыноў паўставаў перад ёю. Потым схамянецца — падхарчаваць бы пчолак цукровай вадзіцай ці перавараным у вадзе мядком. Але ў маленькім скляпку, які адзін і ўцалеў на пагорку, нічога такога не было ў старой, каб прадаць ці вымяняць на цукар. У склепе было надта нядобра, сцюдзёна, але ўсё лепш, чым пад небам, добра, што ён хоць уцалеў ад немцаў, бо зямлянку скідаць не вэдлуг яе сілы. На нашем сайте вы можете скачать книгу "Зялёны Луг" Мікуліч Барыс бесплатно и без регистрации в формате epub, fb2, читать книгу онлайн или купить книгу в интернет-магазине.